Сёлета, 28 лютага 2026 года сваё 60-годдзе адзначыў вядомы беларускі пісьменнік Алесь Бадак – творца, чыё імя трывала ўвайшло ў сучасны літаратурны працэс краіны. Яго жыццёвы і творчы шлях – гэта прыклад адданасці роднаму слову, нацыянальнай культуры і духоўным каштоўнасцям.
Менавіта ў гэты дзень вучні 3 «Б» класа гімназіі г.Ляхавічы разам са сваімі бацькамі сталі ўдзельнікамі агляда літаратуры «Наш зямляк – Алесь Бадак», падрыхтаванага супрацоўнікамі дзіцячай бібліятэкі. Прысутных пазнаёмілі з біяграфіяй пісьменніка, асабліва спыніліся на тым, што нарадзіуся ён на Ляхавіччыне ў в.Туркі – на зямлі, якая дала яму першыя жыццёвыя ўрокі і стала духоўнай крыніцай на ўсё жыццё.
Першы верш быў надрукаваны газеце «Піянер Беларусі», калі Алесю было 12 гадоў. Затым вершы пачалі зʼяўляцца ў раённай газеце «Будаўнік камунізму» (цяпер «Ляхавіцкі веснік»). Гэты пачатак стаў важнай прыступкай у вялікай літаратурнай дарозе.
На выставе былі экспанаваны шматлікія кнігі паэзіі і прозы, выданні для маленькіх чытачоў і падлеткаў, экалагічныя эцюды «Усім пра ўсё». Яго кнігі для маладых чытачоў дапамагаюць выхоўваць любоў да роднай мовы, фарміраваць маральныя каштоўнасці, вучаць уважлівасці да чалавека і свету вакол.
І сёння Алесь Бадак застаецца актыўным удзельнікам літаратурнага працэсу, чалавекам, які сумленна і натхнённа працуе дзеля роднага слова і сваёй краіны.
Міхаіл Лучыц,
бібліятэкар Ляхавіцкай дзіцячай бібліятэкі


