«Духоўная кніга — да вечнасці шлях» — пад такой назвай да Дня праваслаўнай кнігі 14 сакавіка пачала сваю работу выстава духоўнай кнігі, арганізаваная Падлескай сельскай бібліятэкай пры дапамозе іерэя Уладзіслава, настаяцеля Свята-Духаўскай царквы. Выстава ўключае ў сябе дзіцячы блок, дзе можна азнаёміцца з бібліямі для дзяцей, царкоўнымі малітвамі і хрэстаматыямі, а таксама “рарытэтны” блок з выданнямі духоўных кніг 1844-1925 гадоў. Дакрануцца да 180-гадовага экзэмпляра чытачы будуць мець магчымасць на працягу цэлага тыдня. Вучні 6 і 8 класаў Падлескай базавай школы ўжо пазнаёміліся з выставай і дзеляцца сваімі ўражаннямі з іншымі: у школе працуе рэсурсны цэнтр па духоўнаму выхаванню, таму кожнаму навучэнцу будзе цікава наведаць такую экспазіцыю.
Ларыса Глеб, бібліятэкар Падлескай СБ