Міхась Лынькоў — адна з самых выдатных творчых і арганізатарска — кіруючых постацей у літаратурным працэсе Беларусі савецкага часу. 30 лістапада 2019 года адзначаецца 120-годдзе з дня нараджэння вядомага пісьменніка Беларусі. 29 лістапада супрацоўнікі дзіцячай бібліятэкі запрасілі вучняў 4 «А» класа СШ№1 на мерапрыемства, прысвечанае юбілею Міхася Лынькова пад назвай «Галоўнае вучыць дабру». Сустрэча праходзіла ў форме літаратурнага партрэта.
Рабяты з задавальненнем слухалі пра тое, як маленькі Міхась збіраўся ў школу. Паступленне сына туды было для сям’і важнай падзеяй. Будучаму вучню пашылі новыя штаны, новую кашулю. Бацька змайстраваў новыя скураныя лапці, маці пашыла спецыяльную торбачку для кніжак. Сам бацька адвёў Міхася ў школу і здаў «з рук у рукі» настаўніку, якога прасіў трымаць сына ў дысцыпліне і не шкадаваць, у выпадку патрэбы, ні лазы, ні «бярозавай кашы» для лепшага засваення асноў навукі.
Міхась Лынькоў вельмі любіў дзяцей, разумеў іх душу. Ен напісаў такія творы як «Міколка-паравоз», «Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў», «Янка-парашутыст» і інш. Дарэчы, напрыканцы мерапрыемства навучэнцы мелі магчымасць прагледзець урывак з фільма «Міколка-паравоз».
Нялёгкае і няпростае жыццё пражыў пісьменнік. За заслугі ў развіцці літаратуры і актыўную грамадскую дзейнасць Міхась Лынькоў узнагароджаны трыма ордэнамі Леніна, ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі, трыма ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам Чырвонай Зоркі і многімі медалямі.
Наталля Багдановіч, бібліятэкар дзіцячай бібліятэкі